Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Стаброўскі Іосіф Іосіфавіч

Стаброўскі Іосіф Іосіфавіч

Стаброўскі Іосіф (Язэп) Іосіфавіч (2 лістапада 1870, маёнтак Орлавічы Слонімскі павет – 15 студзеня 1968, Слонім) – вучоны археолаг, краязнавец, член-карэспандэнт Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і Яраслаўскага археалагічнага таварыства, удзельнік Першай сусветнай вайны, палкоўнік.

Нарадзіўся ў сям’і прафесійнага ваеннага Іосіфа Вікенцьевіча Стаброўскага і Людвікі Адольфаўны Стаброўскай (у дзявоцтве Масальскай). У адпаведнасці з традыцыямі сям’і выбраў ваенную кар’еру.

Падчас вайсковай службы Стаброўскі пачаў цікавіцца гісторыяй і археалогіяй. У 1899 г. пабачыла свет першая яго археалагічная работа пра сем рымскіх манет, што былі невядомы спецыялістам па рымскім манетам. З канца 19 ст. займаўся гісторыяй і археалогіяй Беларусі, праводзіў раскопкі, збіраў калекцыі кніг і археалагічных знаходак.

Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. 16 кастрычніка 1917 г. вольны слухач І. Стаброўскі скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут. На працягу васьмі гадоў (1912-1920 гг.) з’яўляўся членам Яраслаўскага прыродазнаўча-гістарычнага таварыства.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Стаброўскі пэўны час знаходзіўся ў арміі. 20 красавіка 1918 г. быў звольнены са службы паводле дэкрэту Народнага Камісарыята па ваенных справах ад 16 снежня 1917 г. і вярнуўся ў Слонім. Пасля заняцця часткі Заходняй Беларусі польскімі войскамі падчас савецка-польскай вайны Стаброўскі з сакавіка 1920 г. дапамагаў польскім уладам і выконваў абавязкі старшыні ацэначнай камісіі ваенных страт па Слонімскім павеце. Але 26 мая 1920 г. пачалося контрнаступленне Чырвонай Арміі, якая на пачатку лета заняла Заходнюю Беларусь. 12 ліпеня 1920 г., калі бальшавікі ўступілі ў Слонім, Стаброўскі быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію. З 20 верасня 1920 г. яго прыкамандзіравалі да ўпраўлення інспектара Заволжскай ваеннай акругі, дзе з 21 кастрычніка ён заняў пасаду малодшага справаводцы аддзялення навучання артылерыі ў праформу штаба акругі, а з 31 снежня – пасаду старэйшага справаводцы Заволжскага ўпраўлення ваенна-навучальных устаноў.

У гэты ж час Стаброўскі быў слухачом Вышэйшых археалагічных курсаў Таварыства археалогіі, гісторыіі этнаграфіі пры Самарскім дзяржаўным універсітэце, якія паспяхова скончыў. 11 красавіка 1921 г. І. І. Стаброўскі адлічаны ў рэзерв адміністрацыйна-гаспадарчага складу штаба акругі, а пасля заключэння 18 красавіка 1921 г. Рыжскага мірнага дагавора ён вяртаецца на Слонімшчыну, на гэты раз ужо назаўсёды пакінуўшы вайсковую службу ў званні палкоўніка.

Вярнуўшыся на Радзіму, Стаброўскі займаецца садаводствам і пчалярствам у сваім маёнтку “Орлавічы”, пачынае плённую працу на ніве вывучэння роднага края, актыўна займаецца зборам розных артэфактаў і матэрыялаў гістарычнага характару. Захапленне вывучэннем старажытнасцей з цягам часу перарасло ў жаданне стварыць з сабранага музей. Але гэтаму папярэднічаў шлях даўжынёю ў восем гадоў, першым крокам якога было стварэнне этнаграфічна-археалагічнага таварыства ў 1924 г.

На тэрыторыі Слонімскага павета І. І. Стаброўскі праводзіў археалагічныя раскопкі, даследаваў гісторыю роднага края, пісаў навуковыя артыкулы і збіраў рэчы гістарычнага характару, якія паклалі пачатак археалагічнай, нумізматычнай і мінералагічнай калекцыям адкрытага ў 1929 г. па яго ініцыятыве рэгіянальнага музея.

У 1934 г. Стаброўскі быў накіраваны на з’езд секцый Рэгіянальных музеяў у Варшаву. Акрамя працы на карысць музея ён займаўся апякунскай дзейнасцю ў Чамярской воласці. Назіраючы за цяжкім станам сялян, што жылі ў ваколіцах Орлавіч, ён вырашыў перадаць частку сваёй зямлі сялянам. За гэты ўчынак у 1937 г. Стаброўскі быў узнагароджаны “Залатым крыжам заслугі”.

У 1939 г., калі Заходняя Беларусь была далучана да БССР, Стаброўскі бясплатна перадаў свой музей гораду разам з усёй калекцыяй у 5 тысяч экспанатаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны музей у Слоніме працаваў, а Стаброўскі з’яўляўся яго дырэктарам, здолеўшы захаваць экспанаты ад вывазу за мяжу. У 1948 годзе ён быў звольнены з пасады дырэктара. У свае апошнія гады Стаброўскі шмат чытае і піша, сістэматызуе свае веды, стварае шэраг твораў, якія раскрываюць яго ўяўленні па астраноміі, прыродазнаўстве, гісторыі і археалогіі.

На Слонімшчыне І. І. Стаброўскі да апошніх сваіх дзён жыў ў беднасці і забыты мясцовымі ўладамі. Памёр ён 15 студзеня 1968 г. у Слоніме. Пахаваны, як і жадаў, на зямлі былога радавога маёнтка Стаброўскіх Орлавічы.

На сённяшні дзень Слонімскі краязнаўчы музей носіць імя заснавальніка, а вялікая колькасць сабраных ім рэчаў былі перададзены ў іншыя музеі. У 2002 г. у дні святкавання 750-гадовага юбілею горада на будынку музея была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Іосіфу Іосіфавічу Стаброўскаму.