Касцюк Міхаіл Паўлавіч
Касцюк Міхаіл Паўлавіч (26.03.1940, в.Масцішча Навагрудскага раёна – 05.02.2019) – гісторык, акадэмік НАН Беларусі (1996), доктар гістарычных навук (1980), прафесар (1987).
Міхаіл Паўлавіч Касцюк нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Паспяхова скончыў школу і паступіў у Навагрудскае педагагічнае вучылішча, затым – на гісторыка-філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута.
Пасля заканчэння навучальнай установы ў 1963 г. М.П. Касцюк атрымлівае размеркаванне на пасаду дырэктара Касадворскай васьмігадовай школы ў в.Баярская Навагрудскага раёна. У 1966 г. М.П. Касцюк паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР. Пад кіраўніцтвам акадэміка Івана Сяргеевіча Краўчанкі пачынаецца карпатлівая, інтэнсіўная навуковая праца. Настойлівыя пошукі архіўных крыніц, іх скурпулёзнае, уважлівае вывучэнне і выкарыстанне далі маладому даследчыку магчымасць у адведзены аспірантурай тэрмін завяршыць працу над кандыдацкай дысертацыяй па складанай праблеме – працоўнай актыўнасці калгаснага сялянства Беларусі ў 1933-1940 гг. і паспяхова абараніць яе ў 1969 г.
У 1970 г. М.П. Касцюк быў прызначаны на пасаду вучонага сакратара Інстытута гісторыі АН БССР. У 1975-1981 гг. працуе на той жа пасадзе, але ўжо ў Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Вучоны паспяхова спалучае арганізатарскую і даследчую работу. У 1980 г. М.П. Касцюк паспяхова абараняе доктарскую дысертацыю. У ліпені 1981 г. ён быў прызначаны на пасаду намесніка дырэктара Інстытута гісторыі АН БССР, а ў пачатку 1988 г. – выконваючым абавязкі дырэктара. У 1989 г. абраны членам-карэспандэнтам АН БССР.
У выніку першых альтэрнатыўных выбараў у Інстытуце гісторыі у 1989 г. М.П. Касцюк быў абраны на пасаду дырэктара, затым на конкурснай аснове зноў пераабраны ў 1994 г. Працуючы на дадзенай пасадзе, праявіў сябе як выдатны арганізатар і каардынатар гістарычнай навукі не толькі ў рамках Інстытута гісторыі, але і ў рэспубліцы ў цэлым. У 1996 г. ён быў абраны акадэмікам НАН Беларусі. З 1999 г. Міхаіл Паўлавіч Касцюк – загадчык адзела Інстытута гісторыі, а з 2007 г. – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Пад кіраўніцтвам М.П. Касцюка пачалося даследаванне “белых плямаў” айчыннай гісторыі: пытанняў палітычнага і культурнага жыцця ВКЛ, розных аспектаў рэлігійнага жыцця, гісторыі беларускай эміграцыі. Толькі за 1995-1999 гг. супрацоўнікамі інстытута было надрукавана 37 манаграфій, 21 зборнік, 10 брашур і 7 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. Значным дасягненнем інстытута стала выданне “Нарысаў гісторыі Беларусі” ў дзвюх частках (1994-1995). М.П. Касцюк з’яўляўся галоўным рэдактарам і адным з асноўных аўтараў гэтага выдання.
Пад кіраўніцтвам акадэміка М.П. Касцюка была падрыхтавана грунтоўная калектыўная праца “Гісторыя сялянства Беларусі”, першы том якой пабачыў свет у 1997 г.
М.П. Касцюк папоўніў скарбонку беларускай гістарыяграфіі цікавымі арыгінальнымі даследаваннямі, што атрымалі прызнанне як у рэспубліцы, так і па-за яе межамі. Яго пяру належаць больш за 300 навуковых прац, якія прысвечаны вывучэнню актуальных праблем айчыннай гісторыі, у тым ліку 15 індывідуальных і калектыўных манаграфій.
За час знаходжання М.П. Касцюка на пасадзе дырэктара істотна пашырыліся міжнародныя навуковыя сувязі Інстытута гісторыі НАН Беларусі з навуковымі цэнтрамі іншых дзяржаў: Інстытутам расійскай гісторыі, Інстытутам усеагульнай гісторыі Расійскай Акадэміі навук, Інстытутам гісторыі Польскай Акадэміі навук, Інстытута гісторыі Сібірскага аддзялення РАН.
М.П. Касцюк актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для гістарычнай навукі. Ім падрыхтавана больш дзесяці кандыдатаў навук і праведзена кансультаванне пры падрыхтоўцы шэрагу доктарскіх дысертацый.
М.П. Касцюк быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2010), з’яўляўся Ганаровым грамадзянінам Навагрудскага раёна (2010), Ганаровым архівістам Беларусі (2014).