Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Цыхун Апанас Пятровіч

Цыхун Апанас Пятровіч

Цыхун Апанас Пятровіч (5.05.1910 – 10.03.2005) – паэт, грамадскі дзеяч, ветэран вайны, заслужаны настаўнік Беларусі, фалькларыст, краязнаўца, літаратар і аўтар шматлікіх кніг.

Нарадзіўся ў в. Кунцаўшчына Гродзенскага раёна ў сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у вёсцы Лаша, сямігодку скончыў у вёсцы Індура Гродзенскага раёна. За выключныя здольнасці да вучобы і музыкі быў залічаны ў настаўніцкую семінарыю ў Гродне, аднак з-за адсутнасці сродкаў на аплату вучобы вымушаны быў вярнуцца ў родную вёску. Ужо тады ён пачаў збіраць і запісваць мясцовыя дыялекты. У 1927-1932 гг. вучыўся ў Гродзенскай настаўніцкай семінарыі.

Удзельнічаў у Другой сусветнай вайне, у 1939 годзе абараняў Варшаву ад нямецкіх захопнікаў.

Пасля вайны, завочна скончыўшы Гродзенскі педінстытут, працаваў настаўнікам і дырэктарам школ Гродзеншчыны: завучам Лашанскай сямігадовай школы, дырэктарам Капцёўскай сямігадовай школы, настаўнікам СШ №2 г. Гродна, дырэктарам Каўбасінскай пачатковай і Батароўскай васьмігадовай школ. Многія гады быў інспектарам аддзела народнай адукацыі Гродзенскага раёна. Узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце “Сельская новь”.

З 1937 г. да канца жыцця пражываў у г. Гродна.

Апанас Цыхун аддаваў шмат часу і ўвагі вывучэнню гісторыі і культуры, прапагандзе гісторыка-культурнай спадчыны Гродзеншчыны, збору твораў вуснай народнай творчасці. Сэнсам жыцця для яго стала краязнаўства і менавіта дзякуючы яму шырокая грамадскасць даведалася пра многія цікавыя звесткі пра Гродзеншчыну.

Выдаў унікальны для Беларусі слоўнік “Скарбы народнай мовы” (1993). У 1995 г. выйшла кніга паэзіі “Легенды і балады Гродзеншчыны”. Сабрана цэлая калекцыя фальклорных твораў, частка якіх склала зборнік “Песні з народных глыбіняў” (2000). А.Цыхун даследаваў і прапагандаваў навуковую спадчыну акадэміка Я.Ф. Карскага: напісаў краязнаўча-біяграфічны нарыс “Акадэмік з вёскі Лаша”, сабраў матэрыялы і стварыў першы і адзіны ў СССР музей Я.Ф. Карскага на радзіме вучонага ў вёсцы Лаша. Пасля закрыцця навучальнай установы Апанас Цыхун быў каардынатарам аргкамітэта па стварэнні музея акадэміка Я.Карскага ў гімназіі № 1 г. Гродна. Выступіў ініцыятарам усталявання помніка-валуна князю Давыду Гарадзенскаму і рэканструкцыі помніка роду Карскіх у Лашы.

Напісаў верш “Родная мова”, які разам з заслужаным дзеячам культуры кампазітарам Аляксандрам Шыдлоўскім быў дапрацаваны і пакладзены на музыку. Атрымаўся своеасаблівы гімн беларускай мове.

Летапісам жыцця можна назваць кнігу ўспамінаў А.Цыхуна “Пройдзеныя шляхі-пуцявіны” (2003).

У музеі Я.Карскага гімназіі №1 г. Гродна зроблены стэнд, прысвечаны памяці А.П.Цыхуна. У музеі СВК імя Дзеньшчыкова аг. Луцкаўляны (Гродзенскі раён) захоўваюцца асабістыя рэчы і дакументы краязнаўца.

Адна з вуліц Гродна названа ў гонар Апанаса Цыхуна.