Мігдал Аркадзь Бенядзіктавіч
Мігдал Аркадзь Бенядзіктавіч (26 лютага [11 сакавіка] 1911, г.Ліда, Віленская губерня, Расійская імперыя – 9 лютага 1991, Прынстан, ЗША) – савецкі фізік-тэарэтык, акадэмік АН СССР з 1966 (член-карэспандэнт з 1953).
А.Б. Мігдал нарадзіўся ў 1911 годзе ў горадзе Ліда. У 1936 годзе скончыў Ленінградскі ўніверсітэт. Затым вучыўся ў аспірантуры Ленінградскага фізіка-тэхнічнага інстытута, дзе яго навуковым кіраўніком быў М.П. Бранштэйн. У 1943-1991 гадах працуе ў акадэмічных навукова-даследчых інстытутах. Адначасова (з 1944 года) з’яўляўся прафесарам Маскоўскага інжынерна-фізічнага інстытута.
Аркадзь Бенядзіктавіч развіў тэорыю дыпольнага і квадрупольнага выпраменьванняў ядраў, тэорыю іянізацыі атамаў пры ядзерных рэакцыях, распрацаваў тэорыю шырокіх ліўняў. Ён разгледзеў уплыў шматразовага рассейвання на тармазное выпраменьванне і развіў метад рашэння квантавай задачы многіх целаў, развіваў колькасную тэорыю ядра на аснове квантавай тэорыі поля, ужыў тэорыю звышправоднасці да пытанняў будовы ядраў, вылічыў момант інэрцыі для розных ядраў. Даследаваў палярызацыю вакууму ў моцных магнітных палях.
Удзельнічаў у атамным праекце з 1945 года ў якасці прыцягнутага спецыяліста. Яму ў складзе групы навукоўцаў (А.І. Аліханаў (старшыня), Л.Д. Ландау, Ю.Б. Харытон, С.А. Рэйнберг, М.А. Садоўскі, С.С. Васільеў і А.П. Закошчыкаў) на пасяджэнні 30 лістапада 1945 года было даручана прааналізаваць усе наяўныя матэрыялы аб наступствах прымянення атамных бомбаў у Хірасіма і Нагасакі і вызначыць эфектыўнасць фактару выбухной хвалі, фактараў цеплавога і радыёактыўнага выпраменьванняў.
Аркадзь Бенядзіктавіч Мігдал актыўна займаўся навукова-педагагічнай і выхаваўчай дзейнасцю, быў папулярызатарам навукі. Сярод яго вучняў – акадэмікі, члены-карэспандэнты, дактары і кандыдаты навук.
Мігдал А.Б. быў узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, тройчы ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і шматлікімі медалямі.
Памёр Аркадзь Бенядзіктавіч 9 лютага 1991 г. у Прынстане (ЗША) падчас камандзіроўкі. Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.
Яго імем названы эфект Ландау-Памеранчука-Мігдала.