Давідовіч Лілія Міхайлаўна
Давідовіч Лілія Міхайлаўна (25.12.1936, Гродна - 25.4.2002), беларуская актрыса, народная артыстка Беларусі.
Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.
Працавала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Талент, умельства, працавітасць – вось асноўныя складаючыя яскравага самасцвярджэння, безупыннага развіцця артыстычнай асобы Ліліі Давідовіч.
Актрыса ўмела дапасоўвала да сябе самы розны драматычны матэрыял, пазначыўшы яго адметнай індывідуальнасцю. Ёй давялося сыграць ролі ў п’есах “Трыбунал”, “Пагарэльцы”, “Лявоніха на арбіце” А. Макаёнка, “I змоўклі птушкі” I. Шамякіна, “Начное дзяжурства” А. Дзялендзіка, “На дне” М. Горкага, “Рускія людзі” К. Сіманава, “Канец - справе вянец” У. Шэкспі- ра, “Жанчына з мора” Г. Ібсена, “Ідылія” В. Дуніна-Марцінкевіча і інш. У шэрагу жаночых постацей, якіх выводзіла ў святло рампы Лілія Давідовіч, былі асабліва дарагія для актрысы. Гэта Марыя Шчалканава з “Залатой карэты” Л. Лявонава і маладая ўдавіца Юлія Тугіна з “Апошняй ахвяры” А. Астроўскага.
У Купалаўскім тэатры Лілія Давідовіч стварыла адну з самых значных сваіх работ – ролю Ганны Чарнушкі ў спектаклі “Людзі на балоце” паводле рамана I. Мележа. Гэты вобраз з’явіўся своеасаблівым дэбютам, у якім маладая актрыса змагла перадаць натуральнае адчуванне жаночай годнасці ў грубым свеце палескай вёскі.
Лілія Давідовіч здымалася таксама ў кінакарцінах “Вазьму твой боль”, “Подых навальніцы” і тэлеспектаклях “Крах”, “Ткачы”, “Федра” і інш.