Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Цётка

Цётка

Цётка (сапр. Пашкевіч Алаіза Сцяпанаўна; 15. 07. 1876, фальварак Пешчын, цяпер Шчучынскі р-н - 17. 02. 1916), класік беларускай літаратуры.

Першая беларуская паэтка ХХ-га стагоддзя. Нарадзілася на Гродзеншчыне. Пакінула невялікую літаратурную спадчыну, але гэтыя творы ўвайшлі ў скарбніцу беларускай літаратуры.

Партыйная клічка Цётка стала яе літаратурным псеўданімам. Удзельнічала ў стварэнні Беларускай рэвалюцыйнай грамады. Была паплечнікам К. Каганца, братоў Івана і Антона Луцкевічаў, В. Іваноўскага, Я.Хлябцэвіча, А.Бурбіса, В.Ластоўскага, І.Буйніцкага. У 1912 годзе яе творы ўзгадваліся крытыкамі нароўні з вершамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча.

Падпольная рэвалюцыйная дзейнасць моцна шкодзіла літаратурнай рабоце. У Вільні арганізоўвала рабочыя рэвалюцыйныя гурткі, пісала і распаўсюджвала пракламацыі. Была вымушана эмігрыраваць у Аўстра-Венгрыю (Львоў). На радзіму прыязджала нелегальна. Пасля заканчэння ў Санкт-Пецярбургу Аляксандраўскай жаночай гімназіі, хацела вучыцца далей. Аднак толькі ўрыўкамі папаўняла веды ў Львоўскім, Кракаўскім універсітэтах. Вывучала філасофію.

У пачатку 1900-х гадоў Цётка працавала ў Віленскай бальніцы. У 1914 г. зноў як сястра міласэрнасці аказвала дапамогу ў салдацкім тыфозным бараку. Сама ўжо хварэла на сухоты. Смерць сваю прыняла ад тыфу на роднай зямлі.

Цётка была надзвычай актыўнай і энергічнай жанчынай: вось яна ў Санкт-Пецярбургу чытае на вечарыне свае вершы, неўзабаве выступае з прамовамі на маёўках у Вільні, як актрыса вандруе па Беларусі з тэатрам Ігната Буйніцкага.

У 1905 г. ў Вільні А.Пашкевіч знаёміцца з Элізай Ажэшка і пакідае вельмі добрае ўражанне ў знакамітай пісьменніцы. Ананімна друкуе кнігу “Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках на Беларусі”. У 1915 г. разам з братамі Луцкевічамі адкрывае ў Вільні першыя беларускія настаўніцкія курсы. У тым жа годзе Цётка прыязджае ў Гродна, наведвае ўсе рэвалюцыйныя гурткі, культурніцкія суполкі. Яна сябруе з Купалам, Коласам, Багдановічам, Гарэцкім, Гартным, Ядвігіным Ш., Паўловічам, Бядулем. Яе вершы, апавяданні, дарожныя нататкі, артыкулы рэгулярна друкуюцца ва ўсіх больш-менш значных выданнях таго часу – “Наша ніва”, “Беларускі каляндар”, альманаху “Маладая Беларусь” (СПб), “Лучынка”.

Помнікі Цётцы ўстаноўлены ў г.п. Астрына, у вёсцы Шастакоўцы Шчучынскага раёна, у Шчучыне.

У Гродне імя паэткі носіць вуліца.