Нёманскі Янка
Нёманскі Янка (сапр. Пятровіч Іван Андрэевіч, (31.03.(12.04)1890 - 29.10.1937) – беларускі пісьменнік, эканаміст, грамадскі дзеяч. Акадэмік Акадэміі навук Беларусі (1928).
Нарадзіўся у в. Шчорсы Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Навагрудскі раён). Быў выхадцам з сялянскай сям’і. У яго рана памерла маці, жыў з бацькам і дзедам. Дзяцінства і юнацтва прайшло ў цяжкай працы. Вучыцца пачаў з шасці гадоў, настаўнікамі былі дзед, бацька, дзядзька. У 1909 г. скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і нейкі час працаваў у вясковай школе. У 1914-16, 1918 гг. вучыўся ў Петраградскім універсітэце на гісторыка-філалагічным факультэце. Займаўся грамадскай дзейнасцю.
У 1916 г. мабілізаваны ў царскую армію і пасля школы прапаршчыкаў адпраўлены на фронт у якасці малодшага афіцэра роты. Кастрычніцкую рэвалюцыю сустрэў на фронце. У 1919-21 гг. служыў у Чырвонай Арміі: ваяваў на Карэльскім, Петраградскім, Польскім франтах, быў пад Нарвай і Варшавай, у Сібіры і на Далёкім Усходзе. Адразу пасля рэвалюцыі працаваў у Беларускім нацыянальным камісарыяце: сакратаром культурна-асветнага аддзела, загадчыкам выдавецкага аддзела. Актыўна ўдзельнічаў ва ўсерасійскім з’ездзе бежанцаў Беларусі ў ліпені 1918 г. (быў яго сакратаром).
Разам з Цішкам Гартным выдаваў першую беларускую савецкую газету “Дзянніца” (1918-1919 гг.).
На працягу 1918-20 гг. з Я.Карскім, А.Сержпутоўскім, А.Шахматавым і інш. быў членам Беларускага вольна-эканамічнага таварыства, створанага ў Петраградзе з мэтай развіцця навукі, культуры і народнай гаспадаркі Беларусі.
3 1921 г. жыў у Мінску. Працаваў у планава-эканамічных органах рэспублікі, вучоным сакратаром Інстытута эканомікі АН БССР, намеснікам старшыні Дзяржплана БССР. Быў членам Інбелкульта, членам праўлення літаратурна-мастацкага аб’яднання “Полымя”. У 1927-1936 гг. – член ВЦК. У 1933-36 гг. – у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі, узначальваў кафедру фінансавых дысцыплін. Сябраваў з Я.Купалам, Я.Коласам, Ц.Гартным.
26 красавіка 1937 г. беспадстаўна арыштаваны, 30 кастрычніка 1937 г. растраляны. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1957 г.
Друкавацца пачаў у 1918 г. у газеце “Дзянніца”, дзе апублікаваў шэраг артыкулаў па гісторыі, эканоміцы і культуры Беларусі: “Да культурна-асветных задач Беларусі” (1918), “Значнасць апавяшчэння Беларусі Радаваю Рэспублікай”.
Першае апавяданне “Над Кроманню” было размешчана ў 1922 г. у часопісе “Полымя”. У зборніку апавяданняў “На зломе” (1925), аповесці “Партызан” (1927), рамане “Драпежнікі” (1928-30, няскончаны; рукапіс 2-й часткі загінуў пасля арышту) адлюстраваў жыццё сялянства ў дарэвалюцыйны перыяд, падзеі часоў сталыпінскай рэформы, рэвалюцыйны рух напярэдадні Першай сусветнай вайны, барацьбу беларускага народа супраць польскіх акупантаў у Грамадзянскую вайну.