Гінцбург Ілля Якаўлевіч
Ілля Якаўлевіч Гінцбург (15 (27) мая 1859, Гродна – 31 студзеня 1939, Ленінград) – скульптар, акадэмік Імператарскай Акадэміі мастацтваў, прафесар (1918).
Нарадзіўся ў 1859 г. ў Гродне. Дзяцінства Ілля Гінцбург правёў у Вільні, дзе на яго звярнуў увагу скульптар М. Антакольскі. З 1870 г. навучаўся ў майстэрні М. Антакольскага ў Санкт-Пецярбургу, суправаджаў яго ў паездцы па Італіі. Па вяртанні паступіў у рэальнае вучылішча, а ў 1878 г. – на скульптурнае аддзяленне Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. У 1886 г. атрымаў малы залаты медаль і званне мастака 1-й ступені за працу “Плач прарока Ераміі на руінах Ерусаліма”. З 1918 г. – прафесар-кіраўнік скульптурнай майстэрні петраградскіх дзяржаўных свабодных мастацкіх майстэрань. У 1921-1923 гг. – дэкан скульптурнага факультэта вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрань.
Стварыў помнікі М. В. Гогаля (у мястэчцы Сарочынцы), І. К. Айвазоўскага (у г. Феадосія), А. С. Пушкіна ў Екацярынаславе (зараз г. Дняпро). Аўтар надмагілля В. В. Стасава (Музей гарадской скульптуры, Санкт-Пецярбург).
У савецкі час удзельнічаў у ажыццяўленні плана манументальнай прапаганды, стварыўшы ў Ленінградзе помнік Г. В. Пляханава (перад будынкам тэхналагічнага інстытута ў сааўтарстве з М. Я. Харламавым) і помнік Дз. І. Мендзялеева.
Гінцбург вядомы і як майстар малой пластыкі (статуэткі І. І. Шышкіна, В. В. Верашчагіна, І. Я. Рэпіна, В. І. Сурыкава, Л. М. Талстога і іншых).
Памёр 31 студзеня 1939 г. у Ленінградзе (зараз Санкт-Пецярбург). Пахаваны на Некропалі майстроў мастацтваў Аляксандра-Неўскай лаўры.