Агінскі Міхал Казімір
Агінскі Міхал Казімір (1730 – 31.5.1800), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат. Чэснік літоўскі (1744), пісар польны літоўскі (1748), ваявода віленскі (1764), гетман вялікі Вялікага Княства Літоўскага (1768). З 1775 г. жыў у Слоніме.
У 1754–1761 гг. знаходзіўся ў Францыі, служыў у войску. Ажаніўшыся ў 1761 годзе з дачкою М. Чартарыйскага, атрымаў Слонімскае староства. Жыў у Пецярбургу. Ад імператрыцы Кацярыны II атрымаў ордэн Андрэя Першазванага, быў адным з кандыдатаў на польскі трон. У 1771 годзе перайшоў на бок Барскай канфедэрацыі, але не здолеў са сваім войскам заняць Нясвіж і Слуцк. У ноч на 23 верасня 1771 года яго 3-тысячнае войска было разбіта пад Сталавічамі (цяпер Баранавіцкі р-н) войскам А. В. Суворава. Пасля паражэння эмігрыраваў, а яго маёнткі ва Усходняй Беларусі, ужо далучанай да Расіі, былі канфіскаваны. Атрымаўшы амністыю і секвестраваныя маёнткі, у 1775 годзе вярнуўся ў Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню, заснаваў оперны тэатр і капэлу. Па яго ініцыятыве і на яго сродкі быў пабудаваны Агінскі канал.
Аўтар музычных і літаратурных твораў. Выдаў “Гістарычныя і маральныя аповесці” (1782), “Байкі і не-байкі” (1788).
У 1791 годзе амаль усе свае маёнткі перадаў далёкаму сваяку Міхалу Клеафасу Агінскаму з умоваю, што той заплаціць за яго больш за 8 млн. доўгу. Пасля гэтага адышоў ад палітычнай дзейнасці. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1793 годзе адмовіўся ад вялікай гетманскай булавы. У 1795 годзе прынёс прысягу Кацярыне II і вярнуў ад Міхала Клеафаса свае маёнткі.
Апошнія гады жыцця правёў у Варшаве, дзе і памёр.