Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Бона Сфорца

Бона Сфорца

Бона Сфорца Д’Арагона (2 лютага 1494 – 19 лістапада 1557) – каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста.

Бона Сфорца нарадзілася 2 лютага 1494 года ў сям’і міланскага герцага Джавані-Галеаца Сфорцы і ўнучкі неапалітанскага караля Фердынанда І Д’Арагона Ізабэлы.

Адукацыя будучай каралевы была ўсебаковай і вытанчанай. Гісторыя, тэалогія, латынь, права, геаграфія, прыродазнаўства, філасофія, матэматыка – гэта далёка не поўны спіс навук, якія вывучала Бона Сфорца. Была яна знаёма і з Леанарда да Вінчы.

У 1518 годзе Бона стала жонкай аўдавеўшага караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І. Праз год у Боны нарадзілася дачка. А 1 жніўня 1520 года нарадзіўся доўгачаканы каралевіч Жыгімонт ІІ Аўгуст, якому ў дадатак да дынастычнага Жыгімонт было дададзена імя першага рымскага імператара – Аўгуст.

Выхаванню сваіх дзяцей Бона Сфорца надавала вялікае значэнне, але найбольш маладую каралеву цікавілі дзяржаўныя справы. Яна адзначалася моцнай воляй і ўменнем прымаць грунтоўныя рашэнні. Дзякуючы гэтаму, Бона ўмацоўвала каралеўскую ўладу, абмяжоўвала ўплыў магнатаў і аб’ядноўвала вакол сябе прагрэсіўных і адукаваных людзей. Да таго ж яна прыклала шмат намаганняў, каб замацаваць кароны Літвы і Польшчы за сваім сынам.

Вядома, што каралева жыла пераважна ў Вільні і добра авалодала старабеларускай мовай. Дзякуючы яе падтрымцы, у 1529 годзе быў выдадзены першы Статут ВКЛ, будаваліся школы, храмы, шпіталі, шматлікія гарады і мястэчкі атрымалі магдэбурскае права. Па яе загадзе была праведзена рэформа ў сельскай гаспадарцы – уведзена валочная памера, якая ўніфакавала падатковую сістэму. А арганізацыя фальваркавай гаспадаркі папоўніла дзяржаўную казну.

У другой палове 1530-х гадоў Бона стала галоўнай кіраўніцай мытаў ВКЛ, такім чынам яна дала пачатак памежнай службе ў Беларусі. Яшчэ адной сферай, якую падтрымлівала каралева было вінаградарства. На Гродзеншчыне, Давыд-Гарадокскіх, Клецкіх і Пінскіх землях вырошчвалі вінаград для вінаробства.

Набыўшы ў Юрыя Радзівіла Гродзенскае староства, Бона Сфорца праводзіла на гэтых землях свае рэформы. Італьянская раскоша і эстэтыка суправаджалі ўсе пераўтварэнні Боны. Новая каралева прывезла з сабой шматлікую світу італьянскіх майстроў і кухараў. На сталах магнатаў з’явіліся невядомыя раней тут гародніна і садавіна. Яна ж устанавіла звычай есці відэльцам.

Утрыманне пакаёвых птушак на нашы землі таксама прынесла каралева Бона. Пры ёй у каралеўскіх палацах упершыню загучалі галасы папугаяў. Бона стала заканадаўцай моды і новага стылю ў вопратцы. Таксама яна прывезла са сваёй радзімы сакрэты асвятлення валасоў і вырабу якаснага мыла.

У Гродне па яе загадзе забрукавалі вуліцы і гандлёвую плошчу, горад атрымаў вадаправод і дзве гарадскія пячаткі: асобную гандлёвую і ўрадавую з выявай аленя святога Губерта. З часоў Боны паходзіць першая згадка пра знакаміты гарадскі ратушны гадзіннік, для абслугоўвання якога ў 1541 годзе Бона загадала ўзяць на службу спецыяльнага майстра. Таксама Бона прафінансавала стварэнне ў Гродне першага шпіталя.

Нягледзячы на ўсе прагрэсіўныя пераўтварэнні, што рабіла каралева Бона для дзяржавы, яе не вельмі любілі на новай радзіме. Яе называлі жахлівай і амбіцыйнай і абвінавачвалі ў атручванні мазавецкай княжны Ганны Радзівіл і сваёй нявесткі Барбары Радзівіл. Пасля смерці Барбары Бона Сфорца страціла давер і любоў свайго сына. Каралева-ўдава адмовілася ад усіх сваіх уладанняў і Жыгімонт ІІ Аўгуст дазволіў ёй выехаць у Італію ў горад Бары.

У Італіі яна пазычыла амаль усе свае грошы іспанскаму каралю Філіпу ІІ з дому Габсбургаў. Гэта і стала фатальнай памылкай каралевы. Не жадаючы аддаваць пазыку, Філіп ІІ загадаў атруціць Бону. Па адной з версій, забойства здзейсніў асабісты лекар Боны, падкуплены іспанскім каралём.

Адзінае, чаго дамогся Жыгімонт ІІ – выцягнуў з Габсбургаў пазычаныя ў яго маці грошы. Праўда, аддавалі іх не золатам, а здабытым у гарах Балівіі срэбрам, якое галеонамі везлі праз Атлантыку. Гэта былі вялікія сярэбраныя манеты, на якіх у Польшчы і ВКЛ выбівалі дату “1564”. Некалькі дзесяцігоддзяў манеты выкарыстоўвалі ў грашовых разліках, пасля чаго дзяржава выкупіла іх у насельніцтва.