Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Снядэцкі Анджэй

Снядэцкі Анджэй

Снядэцкі Анджэй (30.11.1768 – 12.05.1838) – выдатны вучоны, філосаф, педагог, медык, стваральнік хімічнай школы і асноў біягеахіміі, біяарганічнай тэорыі жыццёвых працэсаў і медыка-біялагічных навацый XIX ст., заснавальнік рэгіянальнай біяарганічнай і медыка-біялагічнай навукі.

Нарадзіўся ў 1768 г. пад Жніном у Быдгашцкім ваяводстве (цяпер Куяўска-Паморскае ваяводства, Польша). Сын півавара і бургамістра мястэчка Жнін, малодшы брат Яна Снядэцкага.

Вывучаў медыцыну ў Кракаве, Павіі, Эдынбургу і ў Венскай медыцынскай акадэміі. З 1979 г. – прафесар хіміі і фармакалогіі Віленскай акадэміі.

Значная частка яго жыцця прайшла на тэрыторыі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Жыў у маёнтку Болтуп Ашмянскага павета, пахаваны разам са сваёй жонкай на могілках у в.Гароднікі каля Ашмян, а ў склепе Гародніцкай капліцы захоўваюцца астанкі іх родных.

Стварыў польскую хімічную тэрміналогію і апублікаваў першы польскі падручнік па хіміі (1800 г.). У кнізе “Тэорыя арганічных рэчываў” (1804-1811 гг.) упершыню ўжыў вядомыя тады законы хіміі і фізікі для тлумачэння агульна-біялагічных з'яў. Вылучыў паняцце аб абмене рэчываў як важную праяву жыцця, звязаў гэты абмен з хімізмам жывых арганізмаў. Прапагандаваў гігіену і дыетыку, а таксама фізічнае выхаванне, якое дзякуючы яму стала праводзіцца ў школах.

Выбітны публіцыст і папулярызатар навукі. Адзін з заснавальнікаў першага польскага навуковага часопіса “Дзённік віленскі”. Стваральнік школы хімікаў у Польшы. Першы прэзідэнт Віленскага грамадства лекараў.

У 2004 г. у Кальчунскай сярэдняй школе Ашмянскага раёна створаны гісторыка-краязнаўчы музей “Вучоны нашай зямлі”, прысвечаны жыццю і дзейнасці Анджэя Снядэцкага.