Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Брыль Янка

Брыль Янка

Брыль Янка (4.8.1917 – 2006, Мінск), класік беларускай літаратуры, народны пісьменнік Беларусі. У 1922-1939 гг. жыў у в.Загор’е Карэліцкага р-на. Закончыў польскую сямігадовую школу ў в.Турэц. У 1931 г. паступіў у Навагрудскую гімназію, але не змог там вучыцца з-за матэрыяльных абставін. У 1944 г. – разведчык партызанскай брыгады “Камсамолец” на Карэліччыне. Пасля вызвалення Мірскага раёна ад акупантаў працаваў рэдактарам раённай газеты ў Міры.

Імя народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата дзяржаўных і літаратурных прэмій, ганаровага акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджанага баявымі ордэнамі і медалямі, Янкі (Івана Антонавіча) Брыля добра вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Амаль 70 год жыцця аддаў літаратуры гэты карыфей беларускай прозы.

У розныя гады Я. Брыль быў намеснікам рэдактара часопісаў “Маладосць” і “Полымя”, працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, вёў актыўную работу па ўмацаванню сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі народаў СССР і краін сацыялістычнай садружнасці. Шмат сіл Я. Брыль аддаваў працы ў якасці старшыні Беларускага таварыства “СССР - Канада”. Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Пісаць Я. Брыль пачаў з чатырнаццаці год, але ўпершыню выступіў у друку толькі ў 1938 г. У 1946 г. выйшла першая кніга Я. Брыля “Апавяданні”, у якую ўвайшлі некалькі апавяданняў і аповесць “У сям’і”, прысвечаныя жыццю заходнебеларускай вёскі. Другі зборнік “Нёманскія казакі” (1947), а таксама аповесці “Сірочы хлеб”, “У Забалоцці днее” (1950) і “На Быстранцы” (1955) – вылучылі Я. Брыля як арыгінальнага майстра лірыка-псіхалагічнай прозы, добрага знаўцу народнай мовы. Шмат разоў перакладалася ў розных краінах свету пранікнёна лірычнае апавяданне “Галя” (1953).

Класікай беларускай літаратуры стала яго апавяданне “Маці” (зборнік “Надпіс на зрубе”, 1958) – гімн беларускай жанчыне, маці, якая не пабаялася ў час Вялікай Айчыннай вайны даць прытулак знясіленым чырвонаармейцам. Тэма вайны знайшла адлюстраванне і ў апавяданнях Я. Брыля са зборніка “Працяг размовы”, які ў 1963 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя Я. Коласа.

У пачатку 60-х гг. з’явіўся ў друку славуты раман Я. Брыля “Птушкі і гнёзды”. Гэты адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка быў прынцыпова новым словам у жанры рамана, які сам аўтар назваў “кнігай адной маладосці”.

Унікальнай у сусветнай літаратуры стала і створаная Я. Брылём разам з А. Адамовічам і У. Калеснікам дакументальная аповесць “Я з вогненнай вёскі...” (1975) – жудасныя ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, жорсткая, няўмольная, крывавая праўда пра вайну, пра фашызм.

Трывалае месца ў творчасці Я. Брыля займаюць лірычныя мініяцюры. якія ён пачаў друкаваць з сярэдзіны 60-х гг. і якія склалі кнігі “Жменя сонечных промняў” (1965), “Вітраж” (1972), “Акраец хлеба” (1977), “Сёння і памяць” (1985), “Пішу як жыву” (1994), “Вячэрняе” (1994), “Дзе скарб ваш” (1997), “Сцежкі, дарогі, прастор” (2001), “Блакітны зніч” (2004), “Парастак” (2006).

Уся творчасць Я. Брыля прасякнута глыбокім, чыстым пачуццём да сваёй радзімы. Шчырае, сумленнае служэнне роднай зямлі, роднаму народу было галоўнай мэтай і сэнсам яго жыцця.