Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Жукоўскі Станіслаў Юльянавіч

Жукоўскі Станіслаў Юльянавіч

Жукоўскі Станіслаў Юльянавіч (13.05.1875 г., в. Ендрыхаўцы Ваўкавыскага раёна – жн. 1944), знакаміты жывапісец.

Станіслаў Юльянавіч быў майстрам рэалістычнага мастацтва, адным з яркіх жывапісцаў лірычнага кірунку XX ст. Працаваў у жанрах сядзібнага пейзажа і інтэр’ера, пакінуў вялікую мастацкую спадчыну, прасякнутую жыццёвай праўдай, маляўнічасцю, паэзіяй, любоўю да ўсяго светлага і прыгожага.

Нарадзіўся будучы мастак у в. Ендрыхаўцы Гродзенскай губерні (цяпер Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці) у шляхецкай сям’і. Пасля паўстання 1863-1864 гг. царскія ўлады канфіскавалі ўсю маёмасць Жукоўскіх, пазбавілі саслоўных правоў і прывілеяў. Свой уласны маёнтак Старая Воля сям’я вымушана была арандаваць. Тут і прайшло ўсё дзяцінства С. Жукоўскага. Маці будучага мастака была родам з дваранскай сям’і, мела добрае выхаванне. Менавіта яна прывіла сыну любоў да музыкі, паэзіі і малявання. Першапачатковую адукацыю С. Жукоўскі атрымаў у Варшаўскай класічнай гімназіі, а затым - Беластоцкім рэальным вучылішчы. 3 падробленай метрыкай (непаўналетнім быў патрэбны дазвол бацькоў) насуперак волі бацькі ў 1892 г. паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Каб аплаціць заняткі ў якасці вольнага слухача, пражыванне ў інтэрнаце, С. Жукоўскі вымушаны быў пісаць пейзажы на продаж.

Праз год заняткаў на XVI вучнёўскай выстаўцы Жукоўскі прадставіў 13 карцін, якія экспанаваліся ў чатырох залах, што сведчыла аб першых яго поспехах. У 1895 г. атрымаў ад Савета Маскоўскага мастацкага таварыства пасведчанне і білет “для вольнага пражывання ва ўсіх гарадах Расійскай Імперыі”. Гэта дало магчымасць з натуры маляваць і рабіць жывапісныя эцюды.

Ён вярнуўся на радзіму, шмат працаваў у маёнтку Старая Воля, на Нёмане, у Белавежскай пушчы. У гэты час былі напісаны палотны “Нёман”, “Лес. Папаратнікі. Захад” (абедзве 1895 г.). Мастак працаваў апантана, на адным дыханні, баючыся не паспець занатаваць штосьці самае галоўнае.

У 1897 г. паспяхова здаў экзамены ў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства і стаў яго паўнапраўным вучнем. У 1898 г. напісаў у многім этапную для сваёй творчасці карціну “Веснавая вада”, якая з поспехам экспанавалася на XXVII выстаўцы перасоўнікаў. Яна адразу была набыта Рускім музеем імператара Аляксандра III. Гэтым творам С. Жукоўскі заявіў аб сабе як аб самастойным і арыгінальным мастаку.

Імя нашага суайчынніка загучала ў плеядзе такіх майстроў, як А. Саўрасаў, В. Паленаў, В. Сяроў, I. Левітан. Станіслаў Жукоўскі заняў у мастацтве трывалае месца не толькі як дастойны вучань і прадаўжальнік традыцый, але і як мастак новага пакалення, новай фармацыі, які надаў пейзажнаму жывапісу сімфанічнае гучанне. Ён знайшоў свой шлях у мастацтве са сваёй тэмай маёнткаў і палацаў. Так, твор “Месячная ноч” (1899 г.), што экспанаваўся ў 1900 г. на XXIX перасоўнай выстаўцы, меў вялікі поспех з-за свайго наватарскага падыходу. Смелая франтальная рэалістычная кампазіцыя, дзе засыпаны снегам маёнтак з таемным ззяннем зашклёных вокнаў і дзвярэй, фасфарычнае святло месяца надавалі загадкавасць і містычнасць карціне. За гэта палатно мастак у 1901 г. атрымаў вялікі сярэбраны медаль і званне класнага мастака. У гэтым жа годзе ён закончыў вучылішча. Працаваў шмат, удзельнічаў у многіх выстаўках. Актыўна выкарыстоўваў у сваіх творах новыя мастацкія прыёмы і тэхніку пісьма: свабодныя і дынамічныя мазкі, якія адразу выяўлялі і колер, і форму прадметаў.

Даследчыкі лічаць росквітам таленту С. Жукоўскага першае дзесяцігоддзе XX ст. Былі напісаны пейзажы “Возера Сенеж” (1902 г.), “Плаціна” (1906 г.), “Ветрана на возеры”, “Восеньскі вечар”, “Возера Молдзіна” (усе 1909 г.), дзе шырокімі мазкамі ён перадаў фактуру, а дэкаратыўная манера пісьма арганічна дапаўняла праўду прыроды.

У 1907 г. стаў членам Саюза рускіх мастакоў. У тым жа годзе Імператарская Акадэмія мастацтваў прысвоіла С. Жукоўскаму званне акадэміка жывапісу. У гэты перыяд ён адкрыў уласную двухгадовую школу жывапісу і малявання, якая праіснавала да 1917 г. Сярод навучэнцаў былі вядомыя графік I. Нівінскі і паэт У. Маякоўскі – майстар плаката.

Станіслаў Жукоўскі пасля 1910 г. надоўга захапіўся сядзібнымі інтэр’ерамі, якія сталі аднымі з самых галоўных і любімых у яго далейшай творчасці (“Веранда” (1911 г.), “Былое”, “Радасны май”, “Гасціная", “Паэзія старога дваранскага дома” (усе 1912 г.), “У старой алеі” (1913 г.) і інш.).

У 1923 г. мастак вымушаны быў выехаць у Польшчу. Наступныя дваццаць гадоў пражыў у Варшаве. Яго творы адзначаліся рознымі ўзнагародамі, прэміямі, дыпломамі, а таксама набываліся Нацыянальным музеем Варшавы, Нацыянальным музеем Кракава, іншымі музеямі польскіх гарадоў. Стаў членам польскага таварыства заахвочвання мастацтваў, далучыўся да групы блізкіх сабе па творчым духу польскіх мастакоў-імпрэсіяністаў, захоўваючы пры гэтым сваю жывапісную манеру пісьма (“Рака на Палессі” (1928 г.), “Пачатак зімы” (1929 г.), “Інтэр’ер. Пакой мастака на вуліцы Кошыкавай у Варшаве” (1930 г.), “Крыгаход на Нёмане” (1931 г.), “Рака Вілейка” (1932 г.) і інш.). Апошняя выстаўка твораў С. Жукоўскага адбылася ў 1939 г. Потым пачалася Другая сусветная вайна і немцы занялі Польшчу. Падчас акупацыі мастак знаходзіўся ў Варшаве, прымаў у 1944 г. актыўны ўдзел у Варшаўскім паўстанні, трапіў у нямецкі канцлагер у Прушкаве, дзе і загінуў.

Беларусь засталася не толькі месцам нараджэння ў біяграфіі мастака, але і многія яго палотны прысвечаны роднай зямлі. Асобныя творы С.Жукоўскага захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.