Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Арочка Мікалай Мікалаевіч

Арочка Мікалай Мікалаевіч

Арочка Мікалай Мікалаевіч (10 снежня 1930., в. Вецявічы, цяпер Слонімскі раён – 2 сакавіка 2013, в. Вецявічы, Слонімскі раён) – беларускі паэт, літаратуразнавец, доктар філалагічных навук.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Азярніцкую сярэднюю школу (1951), паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Працаваў у часопісе “Сельская гаспадарка Беларусі” (1956-1960) і ў газеце “Літаратура і мастацтва” (1962). Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1966). З 1966 г. да пачатку 1990-х гг. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1958).

Дэбютаваў у друку вершамі ў 1949 г. (Баранавіцкая абласная газета “Чырвоная звязда”). М. Арочка з’яўляецца аўтарам зборнікаў паэзіі “Не ўсе лугі пакошаны” (1958), “Ветраломная паласа” (1962), “Крылатае семя” (1967), “Кветкі бяссмертніка” (1972), “Матчына жыта” (1978), “Колас на ржышчы” (1980), “Бяздоннае” (1985), “Падземныя замкі” (1986), драматычных паэм “Курганне. Крэва” (1982), “Судны дзень Скарыны” (1990), кніжкі вершаў для дзяцей “У птушынай вёсцы” (1964) і аповесці “Хай расце маладая таполя” (1964).

Асноўныя рысы паэзіі Арочкі – сардэчнасць, засяроджаны роздум пра жыццё і час; пазней – паглыбленне філасофскага пачатку, зварот да перажытага падчас вайны (паэма “Матчына жыта”) і гістарычнага мінулага (паэма “Кургане”).

Мікола Арочка з’яўляецца аўтарам крытыка-літаратуразнаўчых кніг “Валянцін Таўлай” (1969), “Галоўная служба паэзіі” (1974), “Беларуская савецкая паэма” (1979), “Саюз часу і майстэрства” (1981), “Максім Танк: Жыццё ў паэзіі” (1984), “Поэзия и война” (1987). Ён быў адным з аўтараў “Истории белорусской советской литературы” (1977). Перакладаў з рускай, латышскай, польскай і англійскай моў.