Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Курловіч Аляксандр Мікалаевіч

Курловіч Аляксандр Мікалаевіч

Курловіч Аляксандр Мікалаевіч (28.07.1961 - 06.04.2018, Гродна), беларускі спартсмен (цяжкая атлетыка, вагавая катэгорыя больш за 110 кг.) Чэмпіён XXIV і XXV Алімпійскіх гульняў.

У 1970 годзе дзевяцігадовага Аляксандра ў залу цяжкай атлетыкі прывёў старэйшы брат Мікалай. У той час гэтым відам спорту пачыналі займацца з дванаццаці гадоў. Трэнер Генадзь Аляксандравіч Качкоў паглядзеў уважліва на пачаткоўца і сказаў: “А ну-ка падымі”. Хлопчык з вагой справіўся. Пасля чаго настаўнік запэўніў: “Быць табе чэмпіёнам свету”.

У 13-гадовым узросце А.Курловіч устанавіў рэкорд у вагавай катэгорыі да 48 кг, маючы рост 150 см. За чатыры гады пабіў 20 юнацкіх рэкордаў рэспублікі.

Прыйшоў першы буйны поспех і на ўсесаюзным узроўні. 22-гадовы штангіст стаў пераможцам прэстыжнай Спартакіяды народаў СССР. І выйграў у непераможнага Анатоля Пісарэнкі з сусветным рэкордам 460 кг у суме дваяборства. Праз некаторы час Курловіч і Пісарэнка памяняліся месцамі на п'едэстале чэмпіянату свету. Іх сума апынулася аднолькавай, але ўласная вага ў Анатоля была на 400 грамаў менш, чым у Аляксандра, і ён вярнуўся з сярэбраным медалём.

Дарога ў алімпійскі Сеул-88 ляжала праз Астраву. Там на чэмпіянаце свету ў 1987 годзе штангіст з Гродна адолеў двух карыфеяў памоста – балгарына Антоніа Крастцва і мінчука Леаніда Тараненку. У суме дваяборства набраў 472,5 кг – гэта было найвышэйшае дасягненне!

Новы сезон – новыя перамогі. “Самы моцны чалавек планеты”, як назвалі Аляксандра Курловіча ў сусветных сродках масавай інфармацыі, пацвердзіў свой тытул на чэмпіянаце свету-89.

Аляксандр Курловіч з’яўляўся:

Двухразовым алімпійскім чэмпіёнам (1988 г., 1992 г.), чатырохразовым чэмпіёнам свету (1987 г., 1989 г., 1991 г., 1994 г.), пераможцам Кубка свету (1994 г.), чэмпіёнам Еўропы (1989 г., 1990 г.), пераможцам Спартакіяды народаў СССР (1983 г., 1991 г.), чэмпіёнам СССР (1983 г., 1989 г., 1991 г.), СНД (1992 г.), уладальнікам 12 сусветных рэкордаў у суперцяжкай катэгорыі.

Найвышэйшыя асабістыя дасягненні: у рыўку – 215 кг (1989 г.), у штуршку – 260 кг (1987 г.), у суме дваяборства – 472,5 кг (1987 г.).

Курловіч з’яўлязся Суддзёй вышэйшай міжнароднай катэгорыі, членам тэхнічнага камітэта Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі, членам выканкама Еўрапейскай федэрацыі, уладальнікам Залатога ордэна Еўрапейскай федэрацыі за ўклад у развіццё цяжкай атлетыкі, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і Ганаровым грамадзянінам Гродна.