Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Салаўёў Зіновій Пятровіч

Салаўёў Зіновій Пятровіч

Салаўёў Зіновій Пятровіч (10 (22) лістапада 1876, Гродна – 6 лістапада 1928, Масква) – медык, адзін з арганізатараў савецкага аховы здароўя, намеснік наркама аховы здароўя РСФСР.

Нарадзіўся ў сям’і обер-афіцэра, калежскага сакратара, чыноўніка губернскага праўлення. У Гродне сям’я жыве да 1881 г. Дзяцінства Зіновія Салаўёва працягваецца ва Уфе, а затым у Сімбірску. Скончыў у 1897 годзе тую ж гімназію, у якой вучыўся В.І. Ленін. Вучыўся ў адным класе з братам Леніна Дзмітрыем Іллічом Ульянавым. Быў рэпетытарам вядомага паэта “Срэбнага стагоддзя” Веліміра Хлебнікава. У 1897 г. паступіў на медыцынскі факультэт Казанскага ўніверсітэта, які скончыў у 1904 г. Быў добраахвотнікам таварыства Чырвонага Крыжа ў руска-японскую вайну. Пазней З.П. Салаўёў працуе санітарным лекарам у Сімбірскім земстве. У канцы 1906 г. атрымлівае запрашэнне ў Саратаў на пасаду лекара-эпідэміёлага губернскай земскай управы.

У 1898 годзе ўступіў у РСДРП і неўзабаве за рэвалюцыйную дзейнасць быў арыштаваны. У 1908 годзе арыштаваны зноў у Саратаве за актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху і па прысудзе царскага суда сасланы ў 1909 годзе на тры гады ў Валагодскую губерню ў Вусць-Сысольск (Сыктыўкар), адкуль у 1912 годзе пераведзены ў Вялікі Усцюг. Неўзабаве вызвалены з-пад нагляду паліцыі за заканчэннем тэрміну спасылкі і накіраваны ў Казань, куды не прыбыў. У спасылцы захварэў на сухоты. Па запрашэнні знаёмых земскіх лекараў прыехаў у Маскву і пачаў працаваць сакратаром “Лігі барацьбы з сухотамі”. У 1916 г. як сакратар медычна-санітарнага аддзела Усерасійскага земскага саюза займаецца пашырэннем здраўніцы Чырвонага Крыжа ў Ай-Данілу (Крым) для лячэння воінаў, хворых на сухоты.

Восенню 1917 г. Салаўёў ўваходзіць у ваенна-рэвалюцыйны камітэт Хамоўніцкага раёна Масквы, удзельнічае ў арганізацыі кастрычніцкага ўзброенага паўстання. У пачатку 1918 г Салаўёў – загадчык аддзела аховы здароўя Народнага камісарыята ўнутраных спраў. 11 ліпеня 1918 г. зацверджаны намеснікам наркама аховы здароўя, начальнікам аддзела грамадзянскай медыцыны створанага Народнага камісарыята аховы здароўя. У 1920-1928 гг. – начальнік Галоўнага Ваенна-санітарнага ўпраўлення Чырвонай Арміі.

З 1919 г. – старшыня выканкама Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа (РТКК). Пад яго кіраўніцтвам Чырвоны Крыж забяспечваў харчаванне 30 тыс. дзяцей у пацярпелых ад голаду раёнах Паволжа, Казахстана і Крыма. РТКК каардынавала аказанне дапамогі ад Міжнароднага Чырвонага Крыжа, пад эгідай якога былі аб’яднаны амерыканская адміністрацыя дапамогі, Міжнародны альянс “Выратуем дзяцей”, шэраг рэлігійных дабрачынных таварыстваў.

Па яго ініцыятыве і пры актыўным удзеле была створана Служба здароўя юных піянераў (1924 ), піянерскі лагер-санаторый Артэк у Крыме (1925) і шэраг дзіцячых аздараўленчых устаноў.