Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Вітаўт

Вітаўт

Вітаўт (каля 1350 - 27.10.1430 г.), князь гарадзенскі, трокскі, вялікі князь ВКЛ.

Адзін з самых выдатных дзяржаўных дзеячаў ВКЛ. Правіў ва ўмовах складаных знешніх і ўнутраных абставін: нямецкай агрэсіі, дыпламатычнай экспансіі Польшчы з мэтай аб’яднання ВКЛ і Польшчы. Пры Вітаўце ВКЛ ператварылася ў вялікую еўрапейскую дзяржаву.

З юнацкіх гадоў удзельнічаў у войнах супраць Маскоўскага княства і Тэўтонскага ордэна. У 1374г. атрымаў у валоданне Гарадзенскае княства. Пасля смерці князя Альгерда (1377г.) падтрымаў свайго бацьку ў барацьбе за трон. У 1382г. падчас піравання з Ягайлам у Вільні Вітаўт разам з бацькам Кейстутам быў схоплены і адпраўлены ў Крэўскі замак. Кейстут быў задушаны, а Вітаўту ўдалося ўцячы.

У 1385г. заключыў мірнае пагадненне з Ягайлам і падпісаў Крэўскую унію, а пасля Востраўскага пагаднення (1392г.) становіцца намеснікам Ягайлы ў ВКЛ. Праводзіў самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку. Падпарадкаваў Смаленскае княства. Падчас Вялікай вайны ВКЛ і Польшчы з Тэўтонскім ордэнам (1409-1411 гг.) узначальваў войскі ВКЛ, якімі кіраваў пад Грунвальдам у 1410г. У выніку Тарунскага міру 1411г. была спынена крыжацкая агрэсія.

Падчас праўлення Вітаўта ВКЛ значна пашырыла свае зямельныя памеры: ад Пскоўскай мяжы да Чорнага мора і ад ракі Акі і Курска да Галіцыі.

Гродна вялікі князь зрабіў другой сталіцай ВКЛ і лепшым, пасля Вільні, горадам княства. У час княжання Вітаўта горад атрымаў самакіраванне паводле Магдэбургскага права (1391г.).

Збіраючыся пачаць з крыжакамі рашучую барацьбу, ён пабудаваў гарадзенскі замак - апрануў яго ў цэглу і камень. У 1409г. у Гродне вёў перагаворы з адным з найбольш аўтарытэтных нашчадкаў хана Тахтамыша Джэлаладзінам аб заключэнні саюзу супраць Тэўтонскага ордэну.

Правёў вялікую работу па зборы ў Гародні і экіпіроўцы беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх харугваў, якія сталі галоўнай сілай у разгроме крыжакоў. Сярод іх былі гарадзенскі, ваўкавыскі, лідскі, новагародскі атрады.

Па загадзе Вітаўта ў горадзе пабудаваны першы драўляны каталіцкі касцёл Найсвяцейшай Маці Божай (т.зв. Фара Вітаўта), які ўпершыню ўзгадваецца ў 1389г.

Пахаваны Вітаўт у Віленскім кафедральным саборы.

У сучасным горадзе Гродна ўсталяваны помнік знакамітаму князю.