Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч (Багдановіч Максім Адамавіч (09.12.1891, Мінск - 25.05.1917), беларускі паэт, перакладчык, літаратурны крытык, празаік, публіцыст.

Нарадзіўся ў сям’і педагога, этнографа, мовазнаўца Адама Ягоравіча Багдановіча і Марыі Апанасаўны Багдановіч. Маленства і юнацтва будучага паэта прайшлі ў гарадах, звязаных са службовымі прызначэннямі бацькі: у Гродне (1892-1896 гг.), Ніжнім Ноўгарадзе (1896-1908 гг.), Яраслаўлі (1908-1916 гг.). Вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі, скончыў Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй у Яраслаўлі, затым пераехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губернскай харчовай камісіі, быў пастаянным наведвальнікам клуба беларускай інтэлігенцыі “Беларуская хатка”, браў чынны ўдзел у працы мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

У лютым 1917 г., цяжка хворы на сухоты, ён выехаў на лячэнне ў Ялту, дзе і памёр. Пахаваны беларускі паэт на гарадскіх ялцінскіх могілках.

Першы друкаваны твор – алегарычная казка-прытча “Музыка” – убачыў свет у газеце “Наша ніва” (1907г.). Пры жыцці Багдановіч выдаў толькі адзін зборнік вершаў “Вянок” (Вільня, 1913 г.), які стаў унікальнай з’явай беларускай літаратуры. З мэтай прывіць беларускай паэзіі класічныя формы вершаскладання стварыў беларускія санеты, трыялеты, рандо, актавы і іншыя. На беларускую мову пераклаў творы Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Пушкіна і іншых.

Многія вершы Багдановіча пакладзены на музыку, вершы “Зорка Венера” і “Слуцкія ткачыхі” бытуюць як народныя песні. Імем паэта названы вуліцы ў Гродне, Мінску, Гомелі, Быхаве, Яраслаўлі, школа і бібліятэка ў Мінску.

У г. Гродна, на доме, у якім у 1892-1896 гг. жыла сям’я Багдановічаў (зараз вул. 1-га Мая,10), у 1965 г. была ўсталявана мемарыяльная дошка, а ў 1986 г. - адкрыты музей М.Багдановіча, як літаратурны аддзел Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Сярод яго экспанатаў – асабістыя рэчы паэта, дакументы, пісьмы і іншыя рэчы сям’і Багдановічаў, прадметы побыту канца ХІХ-га - пачатку XX стст.