Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Сапега Леў

Сапега Леў

Сапега Леў (4.4.1557, в.Астроўна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобласці - 7.7.1633), беларускі дзяржаўны дзеяч ВКЛ, адзін са стваральнікаў Статута Вялікага княства Літоўскага, староста слонімскі.

Адзін з самых уплывовых дзяржаўных дзеячаў канца XVI - першай трэці XVII ст. у Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай, прадстаўнік старажытнага магнацкага роду Леў Іванавіч Сапега назаўсёды ўпісаў сваё імя ў гісторыю нашай Радзімы. Усёй сваёй дзейнасцю, аўтарытэтам мудрага палітыка Л. Сапега ўмацоўваў незалежнасць ВКЛ, спрыяў яго ўзвышэнню і культурнаму росквіту.

Ва ўзросце 23 гадоў атрымаў пасаду сакратара Вялікага княства, а ў 1581 г. – пісара Дзяржаўнай канцэлярыі ВКЛ. У гэтым жа годзе ён выступіў асноўным арганізатарам стварэння Трыбунала Вялікага княства Літоўскага – вышэйшага апеляцыйнага суда, які спрыяў умацаванню заканадаўства і забеспячэнню больш поўнай абароны правоў грамадзян. Так пачаўся яго шлях як палітыка і выразна акрэсліўся сэнс усёй яго будучай дзейнасці – барацьба за незалежнасць ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, яго эканамічнае і палітычнае ўмацаванне.

Са згоды Жыгімонта Вазы, які заняў каралеўскі пасад пасля смерці Стэфана Баторыя, Л. Сапега ўзначаліў работу над трэцім Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Надрукаваны ў 1588 г. на беларускай мове за ўласны кошт Л. Сапегі, гэты дакумент юрыдычна замацаваў прававое становішча беларускай мовы як дзяржаўнай у ВКЛ. Сапега не толькі адрэдагаваў Статут, але і сам напісаў да яго дзве прадмовы: адна – зварот да Жыгімонта II, другая – зварот да грамадзян ВКЛ.

У 1589 г. кароль надаў яму тытул канцлера ВКЛ. Гэта была найвышэйшая пасада ў дзяржаве, займаў яе Сапега на працягу 34 гадоў. У 1621 г. стаў віленскім ваяводам, а з 1625 г. адначасова гетманам Вялікага княства Літоўскага.

Магутнасць і цэласнасць ВКЛ абараняў як сродкамі дыпламатыі, так і на полі бою. Дзейнасць канцлера прыпала на перыяд цяжкіх ваенных канфліктаў на паўночна-заходніх, усходніх і паўднёвых рубяжах Рэчы Паспалітай. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, ахвяраваў сваю маёмасць на ўтрыманне арміі ВКЛ. Праславіўся і як мецэнат. На свае сродкі ён будаваў касцёлы, уніяцкія і праваслаўныя цэрквы, адкрываў школы, шпіталі, прытулкі. У сваіх маёнтках ён сабраў каля 3 тыс. кніг, сярод якіх былі творы найбольш вядомых мысліцеляў, філосафаў і прамоўцаў старажытнасці. Багацейшы магнат ВКЛ, Сапега апекаваў над мастакамі і літаратарамі. Ён паклаў пачатак ружанскаму архіву, а на схіле год працаваў над удасканаленнем Метрык Вялікага княства Літоўскага – архіва спраў дзяржаўнай улады за 1386-1551 гг., а таксама над захаваннем каштоўных актаў за перыяд свайго канцлерства.

Зробленае гэтым выдатным чалавекам на працягу ўсяго яго няпростага жыцця пераконвае, што без такой шматбаковай адоранай асобы, як Л. Сапега, беларускае сярэднявечнае гаспадарства, бадай, не змагло б захаваць сваю незалежнасць, не кажучы ўжо пра ўзвышэнне ды культурны росквіт, дасягнутыя ў тым часе, які з поўным правам можна назваць “эпохаю Льва Сапегі”.