Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Валынчык Антон Міхайлавіч

Валынчык Антон Міхайлавіч

Валынчык Антон Міхайлавіч (23.07.1896, в.Мяльканавічы Слонімскага раёна – 13.11.1985) – беларускі музычны дзеяч, харавы дырыжор, кампазітар, педагог, заслужаны дзеяч культуры БССР.

Нарадзіўся ў сям’і царкоўнага рэгента.Скончыў Жыровіцкую духоўную семінарыю і быў прызваны ў армію, дзе 19-гадовым юнаком кіраваў салдацкім хорам, быў рэгентам вялікага салдацкага хору рускай арміі (падчас Першай сусветнай вайны).

Пасля арміі вярнуўся на радзіму, дзе працаваў выкладчыкам музыкі і спеваў у рэальным вучылішчы ў Лунінцы, у Клецкай беларускай гімназіі, у беларускай настаўніцкай семінарыі ў Слоніме. З 1929 года Антон Міхайлавіч працаваў у беларускай гімназіі г. Навагрудка, дзе арганізаваў хор і аркестр, які стаў адным з лепшых у Заходняй Беларусі. Працаваў у Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах, дзе пісаў царкоўныя творы.

У 1937 годзе завочна скончыў вышэйшыя музычныя курсы Варшаўскай кансерваторыі пры Крамянецкім музычным ліцэі.

У гады Другой сусветнай вайны жыў у Слоніме, кіраваў рознымі хорамі.

Пасля вайны – мастацкі кіраўнік Беларускага міжабласнога ансамбля песні і танца ў Ашмянах. Супрацоўнічаў з хорамі праваслаўных храмаў у Навагрудку, Клецку, Слоніме, Мінску, Жыровічах, Ашмянах, Горках, Пухавічах, Іўі, Лідзе. У вольны ад працы час ездзіў па вёсках і пасёлках, запісваючы беларускія народныя песні.

У 1956 годзе кампазітар паехаў у Магілёўскую вобласць і ўладкаваўся кіраўніком хору Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Праз год ён апынуўся ў Маладзечна, дзе кіраваў чатыры гады міжабласным Маладзечанскім ансамблем песні і танца. У гэты перыяд атрымаў першую ганаровую грамату за развіццё самадзейнага мастацтва рэспублікі і актыўны ўдзел у ім.

У 1961 годзе пераехаў у Гродна. Ён узначаліў кафедру музыкі і спеваў Гродзенскага педагагічнага інстытута (1961-1974), адначасова працаваў хормайстрам Гродзенскага народнага ансамбля песні і танца “Нёман” і Гродзенскай народнай харавой капэлы настаўнікаў. Кансультаваў як хормайстар шматлікія харавыя калектывы Гродзеншчыны. Пад яго кіраўніцтвам капэла настаўнікаў, арганізаваная на базе сярэдняй школы № 8, стала адным з лепшых самадзейных харавых калектываў Беларусі.

Шмат сіл і энергіі Валынчык А.М. аддаваў развіццю харавога мастацтва ў педінстытуце. Па яго рашэнні і ўзгадненні з дэканамі ўсіх факультэтаў, выкладчыкі кафедры музыкі спеваў замацоўваліся за іншымі факультэтамі для арганізацыі самадзейных студэнцкіх ансамбляў і хораў. За час працы ў педінстытуце Антон Міхайлавіч праявіў сябе як таленавіты педагог, які дасканала валодае методыкай выкладання.

Заўсёды імкнуўся прывіць навучэнцам любоў да беларускай культуры, музычнага мастацтва, выхоўваў музычна-педагагічныя кадры для краіны, намагаўся перадаць багацце народнай музычнай мовы ў аўтарскіх творах, апрацоўках беларускіх народных песень.

Праца педагога і музыканта была адзначана на высокім узроўні. Антон Валынчык быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР, Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 28 верасня 1963 года яму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры БССР”.

А.М. Валынчыкам было напісана больш за 100 хораў, песень, апрацовак музычнага фальклору. Пісаў і рыхтаваў для выканання свае песні і хоры на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Адама Русака, Петруся Броўкі і іншых беларускіх паэтаў. Практыкаваў у хорах выкананне ў стылі “а капэла”.

Таксама Антон Міхайлавіч увасабляў у канцэртных праграмах творы І. Баха, Л. Бетховена, П. Чайкоўскага, Ф. Шуберта, С. Манюшкі, К. Вебера.

Прыхільнікі і стваральнікі харавой музыкі адзначалі бездакорнасць яго музычнай творчасці з пункту гледжання прафесіяналізму.

Мемарыяльная дошка Валынчыку Антону Міхайлавічу ўсталяваная ў 2016 годзе на будынку факультэта мастацтваў і дызайну Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (вул. Дзяржынскага, 28). Тэкст на дошцы: “У гэтым будынку з 1961 па 1974 гг. працаваў кампазітар, хормайстар, дырыжор, заслужаны дзеяч культуры БССР Антон Міхайлавіч Валынчык”.