Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Шварц Уільям Самуэль

Шварц Уільям Самуэль

Шварц Уільям Самуэль (23.02.1896, Смаргонь – 10.02.1977, Чыкага, ЗША) – жывапісец, графік і скульптар.

Мастак Уільям Самуэль Шварц нарадзіўся 23 лютага 1896 года ў мястэчку Смаргонь Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер – горад у Гродзенскай вобласці) у шматдзетнай яўрэйскай сям’і Шмуэля Шварца.

Пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у віленскай Мастацкай школе, дзе вучыўся ў 1908-1912 гадах.

У 1914 годзе Самуэль Шварц эміграваў у ЗША. На працягу некалькіх месяцаў ён жыў у сваякоў, працаваў маляром. У 1915 годзе пераехаў у Чыкага (штат Ілінойс), працягнуўшы сваё навучанне да 1917 года ў Чыкагскім інстытуце мастацтваў – адным з найстарэйшых мастацкіх ВНУ ЗША. Шварц займаўся пад кіраўніцтвам жывапісца Карла Альберта Буэра, яркага прадстаўніка імпрэсіянізму ў амерыканскім мастацтве пачатку ХХ стагоддзя.

Пераважна працуючы ў галіне станковага жывапісу, Шварц паспяхова спрабаваў сябе ў графіцы і скульптуры. Паралельна браў урокі опернага вакалу (тэнар), выступаў у мюзіклах, оперных пастаноўках, на радыё, атрымаў спрыяльныя водгукі, але палічыў за лепшае заняткі выяўленчым мастацтвам.

У 1920-1930-я гады Уільям Самуэль Шварц актыўна ўдзельнічаў у групавых выставах і правёў тры персанальныя выставы ў Чыкагскім інстытуце мастацтваў. Першая з іх адбылася ў 1926 годзе. Яна стала пачаткам яго паспяховай кар’еры. Творы Шварца рэгулярна адзначаліся ўзнагародамі Чыкагскага інстытута мастацтваў (1927, 1928, 1930, 1936, 1945 гг.).

Карціны У.С. Шварца розных гадоў дэманструюць уважлівае вывучэнне мастаком канцэпцый шэрагу плыняў у мастацтве канца XIX – першай палове ХХ стагоддзя: сімвалізму, фавізму, кубізму, сюррэалізму, абстракцыянізму, і, да пэўнай ступені, прытрымліванне ім.

Шварц удзельнічаў у афармленні павільёнаў Сусветнага кірмашу ў Чыкага (1933), стварыў фрэску “Чыкага” ў бальніцы ў Кук Каўнці (1935), роспісу ў паштовых аддзяленнях у гарадах Фейрфілд, Эльдарада, Пітсфілд (усе – у штаце Ілінойс). Напісаў серыю жывапісных твораў “Амерыкана” (1930-я), якую склалі групавыя партрэты выбітных амерыканскіх кампазітараў, мастакоў, паэтаў, навукоўцаў.

Пейзажы і жанравыя творы Шварца 1930-х гадоў, на якіх мастак у рэалістычнай манеры адлюстроўваў віды і эпізоды з жыцця маленькіх амерыканскіх гарадоў, стылістычна блізкія рыджыяналізму – уласна амерыканскаму кірунку ў мастацтве часу Вялікай дэпрэсіі, прадстаўнікоў якога натхнялі вобразы і сюжэты амерыканскай правінцыі. Сярод работ Шварца такога роду “Ускраіна горада Мічыган” (1930); “Брыгсвіл”, “Вісконсін”, (1936), “Ускраіна Галены” (1938) і іншыя.

У 1930-х гадах Уільям Самуэль Шварц перадаў некалькі сваіх твораў у СССР для музея ў горадзе Бірабіджан, які з 1934 года стаў адміністрацыйным цэнтрам Яўрэйскай аўтаномнай вобласці.

З канца 1940-х гадоў Уільям Самуэль Шварц амаль выключна працаваў у абстрактнай манеры. Верагодна, пад уплывам ідэй Васіля Кандзінскага, выдатнага майстра лірычнага абстракцыянізму і аднаго з заснавальнікаў гэтага накірунку, Шварц звярнуўся да пытанняў узаемадзеяння музыкі, колеру і формы, а таксама займаўся распрацоўкай уласнай тэорыі.

Памёр мастак 10 лютага 1977 года ў Чыкага.