Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Шазар Залман

Шазар Залман

Залман Шнэўр Шазар, нарадж.: Шнэер Залман (Львовіч) Рубашоў (24 лістапада 1889, г.п. Мір – 5 кастрычніка 1974, Іерусалім, Ізраіль) – ізраільскі грамадскі і сіянісцкі дзеяч, пісьменнік, паэт і публіцыст, палітык, трэці прэзідэнт Дзяржавы Ізраіль (з 21 мая 1963 па 24 мая 1973).

Нарадзіўся ў рэлігійнай сям’і. У 1892 г. сям’я Шазара пераехала ў Стоўбцы, дзе Шазар вучыўся ў хедэры.

Пад уплывам твораў Б. Борахава Шазар далучыўся да руху “Паалей Цыён” (Рабочыя Сіона) і стаў актыўным прапагандыстам яго ідэалогіі. Падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. удзельнічаў у арганізацыі яўрэйскай самаабароны ў Беларусі і ва Украіне. На падпольным з’ездзе Паалей Цыён у Мінску ў 1906 г. пазнаёміўся з І. Бэн-Цві, які прыцягнуў Шазара да ўдзелу ў выдавецкай дзейнасці руху.

У 1907 г. Шазар пераехаў у Вільню, дзе пазнаёміўся з Б. Борахавым, Я. Зрубавелам і будучай жонкай І. Бэн-Цві, Рахель Янаіт. У гэты перыяд Шазар перакладаў з рускай на ідыш артыкулы Борахава і Бэн-Цві для часопіса Паалей Цыён “Дэр пралетарышэр геданк”. Летам 1907 г. Шазар разам з іншымі лідарамі руху быў арыштаваны і асуджаны да 2 месяцы турэмнага зняволення. Пасля вызвалення Шазар паступіў на арганізаваныя ў Санкт-Пецярбургу баронам Д. Г. Гінцбургам Вышэйшыя курсы ўсходазнаўства, дзе сярод выкладчыкаў былі С. Дубноў і Л. І. Кацэнельсан. Шазар зарабляў на жыццё артыкуламі ў расійскай і амерыканскай прэсе на ідыш.

Лета 1911 г. Шазар правёў у Эрэц-Ізраэль, працуючы ў нядаўна заснаванай Мерхавіі, дзе пасябраваў з Б. Кацнельсанам і паэтэсай Рахель. У 1912 г. Шазар паехаў вучыцца ў Германію (у Фрайбургскім і Страсбургскім універсітэтах; падчас Першай сусветнай вайны быў інтэрнаваны ў Берлін як расійскі падданы і працягнуў вучобу ў Берлінскім універсітэце). У гады вучобы Шазар спецыялізаваўся па біблеістыцы і гісторыі ўсходнееўрапейскага яўрэйства, у прыватнасці, па сабатыянскаму руху. Шазар быў сярод заснавальнікаў сіянісцкага працоўнага руху ў 1916 г. і руху Хе-Халуц у 1917 г. На з’ездзе Паалей Цыён у Стакгольме ў 1919 г. Шазар разам з Н. Сыркіным і інш. быў абраны ў Камісію па вывучэнні эканамічнага становішча ў Палесціне і распрацоўцы плану развіцця гаспадаркі краіны на кааператыўнай аснове.

У 1920 г. у Іерусаліме Шазар ажаніўся з Рахеллю Кацнельсан (1885-1975), з якой ён пазнаёміўся яшчэ на Вышэйшых курсах усходазнаўства.

На з’ездзе Паалей Цыён у Вене ў 1920 г., дзе адбыўся раскол па пытанні стаўлення да камунізму, Шазар стаў адным з лідараў “правага крыла”. З 1922 г. па 1924 г. у Вене чытаў лекцыі па яўрэйскай гісторыі ў Яўрэйскай настаўніцкай семінарыі.

У 1924 г. Шазар перасяліўся ў Эрэц-Ізраэль. Быў абраны ў сакратарыят Хістадрута (ізраільскі прафсаюз рабочых). З 1930 г. па 1932 г. сумесна з Х. Арлазоравым выдаваў штомесячнік “Ахдут ха-Авада”.

У лістападзе 1947 г. Шазар быў членам дэлегацыі Яўрэйскага агенцтва (Сахнут) на Генеральнай Асамблеі ААН. У 1949 г. абраны ў Кнэсет (Парламент Ізраіля) 1-га склікання, а затым быў членам Кнесета 2-га (1951) і 3-га (1955) скліканняў. З 1949 г. па 1951 г. займаў пост міністра адукацыі і культуры; па яго ініцыятыве быў прыняты закон пра абавязковую школьную адукацыю (1949). Пасля стаў членам Выканаўчага камітэта сусветнай Сіянісцкай арганізацыі (1952), узначаліўшы аддзел інфармацыі, а з 1954 г. – аддзел адукацыі і культуры яўрэйскай дыяспары. З 1956 г. па 1960 г. Шазар быў старшынёй Іерусалімскага выканаўчага камітэта сусветнай Сіянісцкай арганізацыі.

Шазар быў прэзідэнтам Дзяржавы Ізраіль (з 1963 г. па 1973 г. – два тэрміны). Падобна свайму папярэдніку на гэтай пасадзе, І. Бэн-Цві, Шазар не абмяжоўваўся выкананнем дзяржаўных абавязкаў: у яго рэзідэнцыю прыходзілі ізраільскія навукоўцы, пісьменнікі, дзеячы мастацтва і яўрэйскія інтэлектуалы з усяго свету. У рэзідэнцыі праходзілі рэгулярныя сустрэчы групы па вывучэнні Бібліі (заснаваная Д. Бэн-Гурыёнам), гуртка па вывучэнні яўрэйства дыяспары, які дзейнічаў у супрацоўніцтве з Інстытутам сучаснага яўрэйства пры Яўрэйскім універсітэце ў Іерусаліме. Шазар заснаваў фонд “Амос” для садзейнічання ізраільскім навукоўцам і дзеячам мастацтва.

Шазар зрабіў значны ўклад у вывучэнне гісторыі мовы ідыш, а таксама пакінуў багатую літаратурную спадчыну, якая ўключае прозу (зборнік аўтабіяграфічных нарысаў “Кахвей бакер” – “Перадсвітанкавыя зоркі”, пераклад на англійскую, французскую, іспанскую і ідыш; зборнік мемуарных нарысаў пра лідараў сіянісцкага руху і дзеячаў яўрэйскай культуры “Ар ішым” – “Светачы”, 1963), паэзію, публіцыстыку і навуковыя даследаванні. Шазар быў адным з піянераў біблеістыкі на іўрыце (зборнік “Талдот бікарэт ха-Мікра” – “Гісторыя біблейскай крытыкі”, 1925; ён быў рэдактарам і адным з аўтараў).