Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Любіч Восіп

Любіч Восіп

Любіч Восіп Маркавіч (Майсеевіч)(6 снежня 1896, Гродна, Расійская імперыя – 27 лістапада 1990, Парыж, Францыя) – французскі мастак, жывапісец, графік, кніжны ілюстратар, скульптар. Прадстаўнік Парыжскай школы.

Восіп Любіч нарадзіўся ў Гродне ў сям’і каваля. Скончыў Гарадзенскую гімназію, а затым у юнацкім узросце з’ехаў вучыцца ў Адэсу, якая ў той час была больш ліберальнай і менш акадэмічнай у галіне выкладання прыгожых мастацтваў. Там паступіў у мастацкае вучылішча, дзе на працягу 4 гадоў вывучаў не толькі класічны рускі жывапіс, але і творчасць мастакоў – перадзвіжнікаў, на якіх аказала ўплыў Барбізонская школа і імпрэсіяністы. Акрамя гэтага, яго цікавіў заходні жывапіс, ад італьянскага Рэнесансу да фавізму.

У 1919 годзе В. Любіч пераехаў у Берліне, дзе пазнаёміўся з рускімі мастакамі авангардыстамі – Паўлам Чэлішчавым, Іванам Пуні і яго жонкай Ксеніяй Багуслаўскай. Іх майстэрня стала цэнтрам прыцягнення касмапалітычнай багемы, якая не мае грошай і якая знаходзіцца ў пошуках працы. Усплёск творчай актыўнасці Любіча прыйшоўся на перыяд сацыяльна-эканамічнага і фінансавага крызісу. Разам са сваім сябрам Лазарам Меерсанам, мастаком-пастаноўшчыкам і наватарам французскага кіно, Любіч рабіў дэкарацыі для фільмаў. За чатыры гады, праведзеныя ў Берліне, Любіч набыў салідны вопыт, яго працы мелі поспех. У 1923 годзе яму прапанавалі аформіць адно з Кабарэ на Манмартры ў Парыжы.

Пасяліўшыся ў Парыжы, Любіч жыве дзякуючы заказам на афармленне Кабарэ, рэстаранаў, а таксама кватэр. У той жа час ён часта наведвае музеі і Акадэміі, узмоцнена вывучаючы працы французскіх мастакоў XIX – XX стст. Творы Рэмбрандта, Дам’ера, Гойі і Дэга адкрылі яму багаты ўнутраны свет гэтых вялікіх мастакоў і аказалі значны ўплыў на светапогляд Любіча.

Скульптар Антуан Бурдэль, які цаніў талент Любіча і ўсяляк падтрымліваў яго, дапамог яму арганізаваць выставу ў салоне Цюільры ў 1925 годзе. Затым працы Любіча выстаўляліся ў Восеньскім салоне ў 1926 годзе. Любіч прымаў удзел у выставе “Парыжскія Мастакі 1925-1935” у Брусэлі ў 1935 годзе ў Палацы мастацтваў, а таксама ў Лондане, у Парыжы і інш.

Падчас Другой сусветнай вайны Любіч жыў у Парыжы, яго арыштавалі па даносе ў апошнія месяцы акупацыі. Ён быў заключаны ў лагер Дрансі, дзе знаходзіўся да вызвалення Парыжа ў жніўні 1944 года.

Завяшчаў свае малюнкі, зробленыя ў лагеры, Інстытуту Яд Вашэм у Ерусаліме і Музею Бейт Лахамей у Хайфе.

Пасля вайны Любіч вяртаецца ў сваю майстэрню ў Парыжы і працягвае маляваць. Працуе ва ўсіх жанрах: партрэт, нацюрморт, пейзаж, кампазіцыя. У 1948 годзе галерэя “Зак” прадставіла рэтраспектыву яго работ.

Памёр 27 лістапада 1990 года ў Парыжы. Пахаваны на могілках Манпарнас.