Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Горскі Канстанцін

Горскі Канстанцін

Горскі Канстанцін (13 чэрвеня 1859, Ліда – 31 мая 1924, Познань) – польскі кампазітар, скрыпач-віртуоз, педагог, дырыжор, грамадскі дзеяч, аўтар рамансаў, двух опер і многіх інструментальных твораў.

Агульную адукацыю К. Горскі атрымаў у Віленскай філалагічнай гімназіі. Пасля гімназіі паступіў у Варшаўскі музычны інстытут, дзе вучыўся ў выдатнага польскага скрыпача Апалінарыя Концкага. Пасля заканчэння вучобы ў Концкага Канстанцін Горскі паступіў у Пецярбургскую кансерваторыю ў клас знакамітага прафесара Леапольда Аўэра. Паралельна вучыўся ў класе кампазіцыі прафесара М. Рымскага-Корсакава. У 1881 годзе скрыпач закончыў кансерваторыю са срэбным медалём. Наступныя пяць гадоў К. Горскі працаваў у Саратаве і Пензе выкладчыкам па класе скрыпкі ў мясцовых аддзяленнях Рускага Музычнага Таварыства. У 1885 годзе працаваў канцэртмайстрам аркестра опернага тэатра ў Тыфлісе. У Тыфлісе ж адбылося знаёмства Горскага з П. І. Чайкоўскім, якое перарасло ў сяброўства. У 1890 годзе К. Горскі прыняў запрашэнне з Харкава заняць пасаду выкладчыка па класе скрыпкі.

У Харкаве Канстанцін Горскі развіў кіпучую дзейнасць: стварыў Польскі і касцельны хор, якія рэгулярна выступалі з канцэртамі, а ў пачатку 1890-х гадоў яшчэ і смычковы квартэт, у якім выконваў партыю першай скрыпкі.

Першая сусветная вайна і расійскія рэвалюцыйныя падзеі спынілі канцэртную дзейнасць Горскага і яго заняткі з вучнямі. Пры такіх абставінах у 1919 годзе К. Горскі вярнуўся ў Варшаву, дзе спачатку імкнуўся атрымаць пасаду выкладчыка ў кансерваторыі, але безвынікова. Бліскучы канцэртуючы скрыпач, каб не памерці з голаду, быў вымушаны зарабляць на жыццё ігрой паміж сеансамі ў варшаўскіх кінатэатрах “Калізей” і “Вадэвіль”.

Толькі ў 1922 годзе К. Горскі дамогся працы, дастойнай свайго музыкантскага ўзроўня – атрымаў месца канцэртмайстра аркестра Вялікага тэатра ў Познані. Аднак прэм’ера оперы Горскага “Маргер” адбылася ўжо пасля смерці кампазітара.

Кампазітарская спадчына Канстанціна Горскага багатая і разнастайная. Ён аўтар шматлікіх скрыпічных мініяцюр (паланезаў, мазурак, канцэртных п’ес), 36-ці эцюдаў для скрыпкі, кадэнцыі да Скрыпічнага канцэрта Л. ван Бетховена, дзвюх мес для салістаў, хору і аркестра, Арганнай фантазіі, сімфанічных паэм “На Алімпе” і “Чарадзейны круг”.

К. Горскі аўтар дзвюх опер: “За хлебам” (паводле навэлы Г. Сенкевіча) і “Маргер” на лібрэта В.В. Вальгера (паводле паэмы У. Сыракомлі). Сюжэт апошняй пабудаваны на падставе падзей змагання Вялікага княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам. Вялікую ўвагу аддаваў кампазітар камерна-вакальнаму жанру.

Усяго Канстанцінам Горскім напісана больш за 100 рамансаў. У 1914 годзе выйшаў з друку зборнік “12 песень на словы М. Канапніцкай, У. Сыракомлі, З. Дэмбіцкага і іншых”.