Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Гажыч Марыя

Гажыч Марыя

Марыя Гажыч (20.03.1860, Вішэра, Курская губерня – 13.09.1935, Гродна) – польская мастачка.

Марыя Гажыч (Хшаноўская) нарадзілася 20 сакавіка 1860 года ў Курскай губерні ў шляхецкай сям’і. Яе бацька, Тадэвуш Хшаноўскі, быў царскім чыноўнікам высокага рангу ў галіне будаўніцтва мастоў і чыгункі. Яго вялікі маёнтак Сегянёўшчына знаходзіўся на Гродзеншчыне. Сям’я Хшаноўскіх, у якой гадавалася чацвёра дзяцей, жыла даволі заможна. Часцяком сям’я выязджала ў Сегянёўшчыну, дзе бацька любіў паляваць у Свіслацкай пушчы.

Маці будучай мастачкі, Альжбета Нобель, паходзіла са шведскага арыстакратычнага роду і была далёкай сваячкай знакамітага вынаходніка дынаміту і заснавальніка Нобелеўскай прэміі. Нягледзячы на сваё паходжанне, маці Марыі была праваслаўнай і выхоўвала дачку ў праваслаўнай традыцыі.

Вучоба Марыі Хшаноўскай пачалася ў Варшаўскім класе малюнка, дзе яна была адной з любіміцаў Войцеха Герсана, які быў адным з самых знакамітых польскіх жывапісцаў той пары, шмат маляваў пейзажаў і гістарычных твораў, як патрыятычнага, так і хрысціянска-маральнага зместу.

У 1878 годзе Марыя Хшаноўская выйшла замуж за Паўла Гажыча, які валодаў маёнткам Тапаляны недалёка ад Сегянёўшчыны. Бацькі Паўла – Яўген і Канстанцыя Гажыч – за ўдзел у паўстанні 1863 года былі сасланы ў Пермскую губерню.

Жыццё маладой мастачкі праходзіла ў падарожжах, вучобе ў добрых педагогаў і творчай працы, якая была асабліва плённай у Сегянёўшчыне і Тапалянах. У канцы 1890-х гадоў у сувязі з хваробай мужа мастачка практычна ўвесь свой час праводзіла ў Тапалянах, знаходзячы ў маляванні адпачынак ад штодзённых клопатаў.

У 1880-1890-я гады Марыя Гажыч была адной з найбольш вядомых мастачак, якія актыўна выстаўляліся ў Варшаве, Кракаве, Вільні, Мюнхене, Парыжы, Чыкага і Сан-Францыска. Яе творы добра раскупаліся, а творчасць выклікала станоўчыя водгукі крытыкаў і захапленне культурнай эліты. Яна паспела павучыцца і ў Парыжы, і ў Мюнхене і ў іншых еўрапейскіх мастацкіх сталіцах.

Пасля смерці мужа ў 1900 годзе Марыя Гажыч, якая атрымала пераважна свецкае выхаванне, зварочваецца да Бога і вырашае ўступіць у каталіцкае Таварыства Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. У 1906 годзе яна атрымала імя Паўла (у гонар мужа) і ў 1908 годзе была накіравана ў Гродна ў якасці старэйшай сястры ў новазаснаваны Дом навіцыяту назарэтанак, які знаходзіўся ў былым Брыгіцкім кляштары. Адыходзячы ў ордэн, Марыя Гажыч прадала маёнтак Тапаляны і ўсе атрыманыя грошы прызначыла на рэканструкцыю Брыгіцкага касцёла і кляштара. У гродзенскі кляштар, як апавядае легенда, яна прывезла з Тапалянаў маладую бярозку, якая і сёння атуляе кавалак кляштарнага саду.

Сястра Паўла праводзіла акрамя духоўнай, актыўную грамадскую і педагагічную дзейнасць, выкладаючы маляванне для духоўных і свецкіх асобаў. У Гродне маці Паўла прабыла да 1919 года, пасля чаго яе выклікалі працаваць спачатку ў Люблін (Польшча), а потым у Альбана (Італія).

У 1932 годзе маці Паўла, ужо вельмі хворая, вярнулася ў Гродна і правяла тут апошнія гады свайго жыцця. Яна памерла 13 верасня 1935 года і была пахавана на старых каталіцкіх могілках у Гродне.

Творчае жыццё Марыі Гажыч складаецца з двух перыядаў: свецкага і перыяда сакральнага жывапісу. Яна спрабавала сябе ў розных жанрах і тэхніках: партрэце, сюжэтных творах, малюнках прыроды. Сярод яе творчай спадчыны вылучаюцца партрэты, пейзажы і сюжэтна-тэматычныя карціны. Плённым быў і перыяд сакральнага мастацтва. Сёння ў гродзенскім кляштары назарэтанак захоўваюцца шэсць абразоў сястры Паўлы, сярод якіх “Святы Клемент”, “Святы Юзаф-цясляр”. Гэтыя свае рэлігійныя творы Марыя Гажыч падпісала “Сястра Паўла з Назарэту”.

Марыя Гажыч пакінула пасля сябе адрамантаваны кляштар сясцёр назарэтанак, напісаныя абразы і добрую памяць гараджанаў, якія далі ёй імя Гродзенскай Маці.